Першыя крокі работы маладога злівача
Па старонках газеты «Чырвоны сцяг» 15 лютага 1948 г. №15
Камсамолка вёскі Веляміч Марыя Антонаўна Шмат працуе злівачом з 1 лютага 1948 года. За гэты кароткі час яна добра наладзіла работу зліўнога пункта. Яе ўчастак, які ўвесь час адставаў па малакапастаўках, зараз выйшаў у перадавыя.
Марыя Шмат пачала работу з падворнага абхода. Яна заходзіць да кожнага гаспадара і напамінае аб яго абавязку перад краінай.
– Лепш усяго здаваць замест малака замяніцелі, – расказвае яна сялянам. – Гэтак хутчэй можна разлічыцца з дзяржавай.
Разам з гэтым Марыя расказвае пра гераічныя працоўныя подзвігі савецкіх людзей, якія змагаюцца за выкананне пяцігодкі ў чатыры гады, прачытае газету аб замежным жыцці.
Сяляне пасля яе наведвання на другі-ж дзень нясуць здаваць замяніцелі. Тэмпы малакапастаўкі растуць. Гэта бачна з таго, што за два дні – 7 і 8 лютага Марыя Шмат прынясла масла і сала за 4095 літраў малака.
І.Сайдэль.
